Тэмы абмеркавання ў суполках, калекцыйныя імёны карыстальнікаў, расшыфроўка відэапаведамленняў і шмат чаго яшчэ

Чытаць арыгінальнае апавяшчэнне па-англійску
Тэмы абмеркавання ў суполках, калекцыйныя імёны карыстальнікаў, расшыфроўка відэапаведамленняў і шмат чаго яшчэ

Гэтае абнаўленне дадае тэмы для ўпарадкавання размоў у вялікіх суполках, новую форму калекцыйных імён карыстальнікаў, забяспечаную праз блакчэйн-тэхналогіі, а таксама магчымасць расшыфраваць гук на відэапаведамленні ў тэкст і шмат чаго яшчэ.

Тэмы абмеркавання ў суполках

Суполкі Telegram даюць магчымасць аб’яднаць у сабе да соцень тысяч карыстальнікаў. Каб такія чаты было прасцей чытаць, кіраўнікі суполак з больш чым 200 карыстальнікамі цяпер могуць уключаць тэмы абмеркавання, каб стварыць асобныя прасторы для размовы пра што захочацца.

Тэма абмеркавання працуе як асобны чат унутры суполкі са сваімі асобнымі агульнымі медыя і наладамі апавяшчэнняў. Карыстальнікі могуць размаўляць у любой тэме, ад Анімэ да Заалогіі, з усімі сваімі любімымі магчымасцямі накшталт галасаванняў, замацаваных паведамленняў і ботаў.

Гэтая дапрацоўка скіравана на вялікія суполкі, каб даць кіраўнікам магчымасць дакладней наладзіць свае чаты і таксама падтрымаць добрыя дыскусіі. Пазней у гэтым годзе мы таксама плануем прадставіць падобны, але іншы набор інструментаў, прызначаны для маленькіх суполак. Калі хочаце праверыць, як працуюць тэмы абмеркавання, вы можаце паспрабаваць у гэтай публічнай суполцы.

Кіраўнікі суполак могуць уключаць тэмы ў сваіх Наладах суполкі, а таксама могуць вызначыць, каму дазволена ствараць новыя тэмы і кіраваць імі ў Паўнамоцтвах.

І, як з кожным дадаткам да функцыяналу Telegram, у наступных абнаўленнях мы абавязкова палепшым тэмы абмеравання яшчэ больш магутнымі інструментамі і для кіраўнікоў, і для карыстальнікаў.

Калекцыйныя імёны карыстальнікаў

Каб спрасціць іншым пошук свайго ўліковага запісу, карыстальнікі Telegram могуць наладзіць свае імёны карыстальнікаў. І, дадаткова да свайго асноўнага імені, вы цяпер можаце мець некалькі калекцыйных імёнаў для кожнага са сваіх уліковых запісаў і публічных суполак.

Правы ўласнасці на калекцыйныя імёны забяспечваюцца праз TON — хуткую і маштабуемую блакчэйн-сетку. Іх можна прадаваць і купляць праз новую платформу, што робіць набыццё і абмен каштоўных даменаў Telegram простым і бяспечным.

Калекцыйныя імёны карыстальнікаў працуюць гэтак жа, як і @стандартныя: яны паказваюцца ў выніках пошуку, а таксама маюць спасылкі, якімі можна карыстацца і па-за Telegram: username.t.me і t.me/username.

Аднак, у адрозненне ад стандартных, калекцыйныя імёны могуць быць карацейшымі за 5 сімвалаў, што дае магчымасць атрымаць унікальныя імёны накшталт @news або @game. Пасля набыцця імені карыстальнік атрымлівае над ім поўны кантроль і можа прадаць яго або карыстацца як сваім асноўным.

Вы можаце зрабіць калекцыйнае імя неактыўным, што выводзіць яго з вынікаў пошуку. Імя пры гэтым застанецца ў вас.

Калі хочаце даведацца аб атрыманні калекцыйных імёнаў карыстальнікаў, іх прызначэнні і актывацыі, то можаце прачытаць аб усім гэтым тут.

Premium Расшыфроўка відэапаведамленняў

З запуску Telegram Premium падпісчыкі мелі магчымасць зрабіць расшыфроўку любога галасавога паведамлення ў тэкст, калі раптам зручней чытаць, чым слухаць. Гэтае абнаўленне дадае такі ж функцыянал да відэапаведамленняў, дазваляючы падпісчыкам Premium імгненна атрымаць тэкставую расшыфроўку.

Новыя наборы эмодзі

Пакуль тысячы карыстальнікаў эксперыментуюць з карыстальніцкімі наборамі эмодзі, мастакі Telegram зрабілі 12 новых набораў. Падпісчыкі Premium могуць ужываць гэтыя эмодзі ва ўсіх паведамленнях і подпісах, а таксама прызначаць іх як статусы на Хэлаўін:

Новы дызайн начнога рэжыму для iOS

Мы абнавілі цёмныя тэмы для iOS: колеры цяпер больш збалансаваныя з палепшанымі эфектамі размытасці падчас гартання чатаў і спісу чатаў.

Змена памеру тэксту на Android

Змена памераў тэксту ў наладах чатаў на Android цяпер змяняе памеры ўсяго тэксту ў чатах, уключаючы перадпрагляд спасылак, загалоўкі адказаў і іншае.

Невялікія паляпшэнні дызайну

На правядзенне пальцам паведамлення ўлева для адказу была дададзена новая анімацыя. Націснуўшы на нумар тэлефона на старонцы профілю карыстальніка, цяпер вы адкрыеце новае меню з некалькімі вырыянтамі выкліку. А для тых нядоўгіх імгненняў, падчас якіх Telegram загружае паведамленні ў суполцы або канале, вы будзеце бачыць замяняльныя контуры з анімацыяй-пульсам.

Новыя інтэрактыўныя эмодзі і рэакцыі

На выпадак, калі вы вучыцеся, спіце або ўпалі ў падазронасць, гэтае абнаўленне дадае 4 новыя інтэрактыўныя эмодзі 😴👨‍💻🤓👀, якія прайграюць поўнаэкранны эфект у асабістых чатах, і таксама могуць быць скарыстаныя як рэакцыі. І, калі гэтага было мала, усе карыстальнікі могуць адзначыць страшэннае свята Хэлаўіну з эмодзі 👻🎃😭 у любым чаце.

І на гэтым пакуль што ўсё. Прабачце, што гэтым разам у нас не атрымалася адсвяткаваць Хэлаўін разам, бо Apple два тыдні трымалі гэтае абнаўленне на разглядзе.

Вы можаце прачытаць гэты допіс нашага заснавальніка, каб даведацца пра ўсю гісторыю — і што мы можам зрабіць, каб не дазваляць такога ў будучыні.


5 лістапада, 2022
Каманда Telegram

Other News